Беларускія народныя гульні

Беларускія народныя гульні

Грушка

 

Мэта: ўдасканальваць навыкі бегу з выкрутамі, уменне хутка арыентавацца ў наваколле.

Апісанне гульні: дзеці ўтвараюць круг, у сярэдзіне якога знаходзіцца дзяўчынка ці хлопчык. Гэта і ёсць «грушка». Дзеці ідуць у карагодзе вакол грушкі і спяваюць:

Мы пасадзім грушку усе, усе,

Няхай наша грушка расце, расце.

Вырасці ты, грушка, вось такой вышыні,

Распусціся, грушка, вось такой шырыні!

Расці, расці, грушка, ды у добры час.

Маленькая (iмя) паскачы для нас.

А ўжо наша грушка распусцілася,

А наша (iмя) зажурылася.

А мы тую грушку весяліць будзем.

І ад нашай грушкі  уцякаць будзем.

Правiлы гульнi: на апошнія два словы дзеці разбягаюцца, а “грушка” ловіць.Дзеці павінны выконваць танцавальныя рухі па зместу песні.

Вожык і мышы

 

Мэта: развіваць слухавую ўвагу, пачуццё мовы, уменне карыстацца рознай сілай голасу, цікавасць да беларускай спадчыны.

Апiсанне гульнi: па лічылцы выбіраюцца “вожык” і “мышы” (2-3).Астатнія дзеці становяцца ў круг і ідуць управа, а “вожык” ідзе ўлева. “Мышы” знаходзяцца па-за колам. Дзеці прыгаворваюць:

Бяжыць вожык – тупу-туп!

Сам калючы, востры зуб!

Вожык, вожык, ты куды?

Ад якой бяжыш бяды?

Спыняюцца.Прагаворваюць цішэй:

Вожык ножкамі туп-туп!

Вожык вочкамі луп-луп!

Навакол пануе ціш,

Вожык чуе ў лісці мыш.

“Вожык” ходзіць у кругу, прыслухоўваецца. Дзеці гучна кажуць:

Бяжы, бяжы, вожык!

Не шкадуй ты ножак!

Ты лаві сабе мышэй,

Не чапай другіх дзяцей!

Правiлы гульнi: вымавіўшы апошнія словы, дзеці падымаюць у двух месцах рукі, утвараючы “вароты”. Вожык выбягае праз іх, пры гэтым стараецца злавіць каго-небудзь з “мышэй”. Тыя бегаюць дзе хочуць, пралазяць пад рукамі дзяцей. “Вожык” можа трапіць у кола толькі праз “вароты”.

Адгадай, чый галасок

 

Мэта: развіваць увагу, слых, памяць.

Апісанне гульні: дзеці ўтвараюць круг. Адзін з ігракоў становіцца пасярэдзіне яго і закрывае вочы. Дзеці гавораць:

Сталі ў круг, і – раз! два! тры!

Павярнуліся, сябры!

На апошнія словы ўсе паварочваюцца вакол сябе і спяваюць:

А як скажам — скок, скок, скок...

Словы «скок, скок, скок» — спявае ці гаворыць той, каму загадзя прапанаваў выхавальнік.

Адгадай, чый галасок?

Гэтыя словы спяваюць усе дзеці.

Дзіця, што стаіць у цэнтры з закрытымі вачамі, павінна адгадаць, хто праспяваў словы «скок, скок, скок», Той, каго пазналі, ідзе на сярэдзіну круга.

Правілы гульні: дзіця не мае права адкрываць вочы да таго часу, пакуль не закончыць уся група.

Што робіш?

 

Мэта: развіваць памяць, кемлівасць, увагу; выпрацоўваць каардынацыю рухаў.

Апісанне гульні: дзеці выбіраюць гаспадыню і, стаўшы ў круг, рысуюць вакол сябе кружкі. Гаспадыня абыходзіць ігракоў, задае кожнаму работу, напрыклад  пячы хлеб, варыць абед, пілаваць дровы, касіць сена і г.д. Дзеці пастукваюць палачкай па свайму кружку і ўвесь час гавораць, якую работу яны выконваюць. Даўшы кожнаму заданне, гаспадыня становіцца ў сярэдзіне круга і гаворыць:

- А цяпер будзем усе забіваць цвікі!

Праз некаторы час яна загадвае ім пілаваць, затым стругаць і г. д. Дзеці абавязаны выконваць усё, што загадвае гаспадыня. Даўшы некалькі заданняў, гаспадыня паказвае прутком на аднаго з ігракоў і нечакана пытаецца: «Што робіш?».

Iгрок павінен адразу ж назваць работу, якую яму даручылі ў пачатку гульні, пасля чаго гаспадыня дае ўсім новыя заданні. Перамагае той, хто ні разу не памыліўся.

Правілы гульні: на пытанне: «Што робіш?» - ігрок павінен назваць работу, якую яму даручылі ў пачатку гульні. Калі ігрок памыліўся, ён павінен адгадаць загадку, якую яму загадваюць.

Нос, нос, нос, лоб

 

Мэта: развіваць хуткасць рэакцыі, увагу.

Апісанне гульні: ігракі ўтвараюць круг, пасярэдзіне вядучы. Ён кажа: «Нос, нос, нос, лоб». На тры першых словы вядучы трымаецца за нос, а пры чацвёртым замест ілба ён дакранаецца рукой да другой часткі галавы. Ігракі павінны рабіць усё, як гаворыць, а не як робіць вядучы, і не даць сябе зблытаць. Хто памыліўся – выбывае з гульні.

Правілы гульні: дзеці павінны дакранацца рукой да той часткі цела, якую пазывае вядучы.

Шэры кот

 

Мэта: удасканальваць навыкі хадзьбы і бегу ў калоне. Выхоўваць смеласць, спрыт, хуткасць рэакцыі.

Апісанне гульні: дзеці выбіраюць ката па лічылцы:

Раз, два, тры, чатыры

Ката грамаце вучылі:

Не чытаць, не пісаць,

А за мышкамі скакаць.

Мышы становяцца за Катом у калону. Калона рухаецца па пляцоўцы. Паміж Катом і мышамі ідзе размова:

—   Ёсць мышы ў стозе?

—   Ёсць!

—   Баяцца ката?

—   Не!

—   А я, катафей, разганю ўсіх мышэй!

Мышы разбягаюцца, кот іх ловіць.

Правілы гульні: дзеці павінны знаходзіцца ў калоне да слоў: «...разганю ўсіх мышэй» і вымаўляць тэкст павінны дакладна, зразумела.

Подготовил руководитель физического воспитания Котович Э.А., без квалификационной категории категории.

Источник: https://adu.by/